Прафсаюзы вядуць грамадскі кантроль аховы працы ў перыяд палявых работ
26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі ў мінулым годзе прафсаюзамі выяўлена больш як 4 тыс. парушэнняў аховы працы ў перыяд вясенне-палявых работ. Аб гэтым расказалі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, тэхнічная інспекцыя працы якой пачала праводзіць грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў сельгасарганізацыях па ўсёй краіне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ.
Пад увагай прафсаюзных спецыялістаў - вялікі спектр пытанняў, якія датычацца аховы працы. Гэта гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі, арганізацыя правядзення работ з мінеральнымі ўгнаеннямі, забеспячэнне перадрэйсавых медыцынскіх аглядаў вадзіцеляў і механізатараў, наяўнасць медыцынскіх аптэчак, забеспячэнне санітарна-бытавымі ўмовамі і шмат іншага.
"Гэта тыя пытанні, якія пад пастаянным кантролем у прафсаюзаў, бо з году ў год парушэнні паўтараюцца. А за кожным парушэннем - здароўе і чалавечае жыццё. У такіх пытаннях не можа быць кампрамісаў. Задача прафсаюзаў - праверыць умовы, у якіх працуюць людзі, прынцыпова ацаніць выяўленыя парушэнні.Па выніках праведзеных маніторынгаў мы выдаем наймальнікам рэкамендацыі на ўхіленне выяўленых парушэнняў і кантралюем, каб яны аператыўна былі ўхіленыя.Напрыклад, толькі летась падчас маніторынгаў зафіксавана больш 4 тыс. парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, - распавёў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько.- Сёння ўжо ва ўсіх раёнах краіны пачаліся вясновыя палявыя работы. Гэта і гатоўнасць тэхнікі, і падрыхтоўка глебы, і падкормка азімых. Кожны з этапаў патрабуе гранічнай увагі. Ужо зараз мы зноў пачынаем фіксаваць і сутыкацца з тым, што ў асобных гаспадарках не арганізавалі вытворчасць прац у адпаведнасці з нарматыўнымі патрабаваннямі. Гэта, напрыклад, допуск працаўнікоў, якія не прайшлі адпаведныя інструктажы і праверку ведаў, незабеспячэнне ў поўнай меры сродкамі індывідуальнай абароны. Таксама здараліся выпадкі, калі ў працы выкарыстоўвалася няспраўная сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне”.
Нягледзячы на некаторае зніжэнне траўматызму ў параўнанні з папярэднімі гадамі, у сферы АПК па-ранейшаму рэгіструецца вялікая колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Так, у 2023 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях пры выкананні работ загінулі 23 работнікі, 136 атрымалі цяжкія траўмы.
Нажаль, не рэдкія выпадкі, калі і самі працаўнікі грэбуюць правіламі і нормамі аховы працы і атрымліваюць вытворчую траўму. Напрыклад, летась няшчасны выпадак здарыўся са слесарам па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання ў адной з гаспадарак Брэсцкай вобласці. Падчас унясення арганічных угнаенняў з выкарыстаннем інструментаў ударнага дзеяння пацярпеламу ў вока трапіў іншародны прадмет. Работнік атрымаў цяжкую вытворчую траўму, бо знаходзіўся без ахоўных акуляраў.
Таму тэхнічныя інспектары працы ФПБ пры наведванні сельгаспрадпрыемстваў працуюць як з наймальнікамі, гэтак і з работнікамі. І заўсёды ахвотна тлумачаць усе нюансы, якія датычацца бяспекі на працоўных месцах. Уся неабходная работа будзе праводзіцца на працягу ўсіх этапаў сельскагаспадарчых работ.
Паведаміць аб парушэннях норм і правіл аховы працы можна таксама па тэлефоне гарачай лініі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі - 8 (017) 374-90-48.-0-
Крыніца: БЕЛТА
Усе навіны