ВЫЙШАЎ ЧАРГОВЫ НУМАР ЧАСОПІСА “АХОВА ПРАЦЫ І САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА” (№ 2/2020)
Кіраўнікам, спецыялістам, усім работнікам важна ведаць: якія новыя патрабаванні ўтрымлівае Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”. Пра канкрэтныя карэктывы і сутнасць унесеных змяненняў чытачам распавядае начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны І. А. Карчэўскі.
Не менш актуальнай сёння тэме – пошуку і разведцы новых радовішчаў карысных выкапняў – прысвечаны артыкул галоўнага спецыяліста аддзела аховы працы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама П. Я. Краўчынскага. Асноўную ўвагу аўтар надае тым патрабаванням, выкананне якіх неабходнае для бяспечнага асваення новых радовішчаў.
Як не парушыць патрабаванні заканадаўства, адпраўляючы работніка ў службовую камандзіроўку? Нарматыўнае рэгуляванне гэтых пытанняў у адпаведнасці з Працоўным кодэксам разглядае эксперт, інжынер, член грамадскага аб'яднання “Супольнасьць працоўнага права” У. П. Семіч.
Пра асаблівасці атэстацыі рабочых месцаў байца жывёлы і абвальшчыка мяса ідзе гаворка ў матэрыяле начальніка ўпраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама А. М. Кавалёвай.
Як нейтралізаваць уплыў небяспечных хімічных фактараў у будаўніцтве, а таксама на прадпрыемствах будіндустрыі і тым самым пазбегнуць пранікнення ў арганізм небяспечных атрутных рэчываў? На гэтае пытанне ў лютаўскім нумары адказвае спецыяліст па ахове працы У. А. Ганчароў.
Таксама на старонках часопіса можна пазнаёміцца з параўнальным аналізам патрабаванняў дзеючага дзяржаўнага стандарта СТБ 18001-2009 і праекта дзяржаўнага стандарта СТБ ISO 45001/ПР-1.
Пра ўзмацненне адказнасці за выкананне патрабаванняў бяспекі дзве публікацыі з рэгіёнаў: на Віцебшчыне у 2019 г. значна вырас вытворчы траўматызм у арганізацыях, падпарадкаваных Мінпраму, а ў Магілёўскай вобласці склалася напружаная сітуацыя з траўматызмам пры эксплуатацыі службовага аўтатранспарту.
Завяршае нумар артыкул “Мужчынскае здароўе: рызыкі і прафілактыка”. У ім закранаюцца актуальныя праблемы дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.
У дадатку да часопіса – працяг публікацыі Інструкцыі аб парадку правядзення абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў работнікаў, зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2019 г. № 74.
Ю. А. Бяствіцкі, otsz.by
Усе навіны